Обучение

Сообщение об ошибке

Обучение

Сообщение об ошибке

Руководитель Образовательного центра ПВТ: В год мы можем выпускать до 20 тысяч программистов

4 сентября 2018

Карэспандэнт «Нашай Нівы» на выхадных наведаў канферэнцыю OpenIT, якую арганізоўваў Адукацыйны цэнтр пры ПВТ. Там прагучала шмат цікавых рэчаў, таксама на нашыя пытанні адказаў кіраўнік цэнтра Вадзім Зелянкоў. «Не ўва ўсіх атрымаецца праграмаваць, але айці прапануе вялізны спіс спецыяльнасцяў і апроч праграмерскіх, — кажа ён. — толькі перад тым, як рашыцца мяняць прафесію, выпрабуй сябе на бясплатных курсах у інтэрнэце», — папярэджвае Вадзім Зелянкоў.


НН: У чым вы бачыце прычыну таго, што пераважная большасць насельніцтва краіны працуе на нізкааплатных фізічных работах?

Зелянкоў: Доля ІТ-распрацоўшчыкаў і тых, хто займаецца інтэлектуальнай працай, у Беларусі не такая і малая, нават у параўнанні з самымі развітымі краінамі. 

Можна паставіць пытанне іначай: а чаму фізічная работа ў нас так дрэнна аплочана, што лічыцца другараднай і не прэстыжнай?

Гэта хіба датычыцца ўсёй постсавецкай прасторы. Ва ўмоўных ЗША чалавек, які рамантуе тракі, высокааплатны. У нас — не. Тут розніца ў прадукцыйнасці работы, а гэта ўжо праблемы эканомікі.

Мы спрабуем уседзець на двух крэслах: і захаваць працоўныя месцы, і развіваць інавацыі. А гэта супрацьлеглыя працэсы. Развіццё тэхналогій і іх укараненне, аўтаматызацыя прыводзіць да вызвалення пэўнай колькасці людзей з асобных галін, якія становяцца непатрэбнымі.

Захаванне ж бягучага балансу і прыводзіць у нейкай ступені да становішча, калі людзі не самай высокай кваліфікацыі ўсё роўна маюць працоўнае месца, хай і з невялікім заробкам. Існуюць у сваёй зоне камфорту, і ствараецца тым самым такая сітуацыя, пра якую вы кажаце. 

Адчуваецца і недахоп прыватнага сектара, які скіраваны на вынік.

Я тут выкажу сваё меркаванне: намагаючыся захаваць старыя формы вытворчасці і працоўных адносін, якія цягнуцца з савецкага мінулага, праблему гэтага працоўнага патэрналізму не вырашыш. Пры ўкараненні ж тэхналогій і аўтаматызацыі колькасць нізкакваліфікаваных людзей будзе станавіцца меншай, бо на іх проста не будзе попыту, павысіцца канкурэнцыя і матывацыя.

Зрэшты, ва ўсіх развітых краінах прыватны сектар — гэта лакаматыў інавацый. 

НН: А ці назіраецца сёння пераход з нізкапрадукцыйных галінаў у высокатэхналагічныя? Ці аснова рэкрутынгу ў ІТ і сумежныя прафесіі — гэта толькі новыя пакаленні? 

Зелянкоў: Такі пераход ёсць. Да нас у адукацыйны цэнтр прыходзяць людзі з рабочымі спецыяльнасцямі, якія шукаюць сябе ў новай галіне. Канечне, драйверы такой міграцыі найперш эканамічныя, бо ўсе яны расчараваныя сваёй першай спецыяльнасцю і адсутнасцю перспектыў. 

У нас быў нават кухар-сушыст! Патолагаанатам быў! Яны паспяхова перакваліфікаваліся ў праграмістаў. 

Штогод ПВТ генеруе недзе 5 тысяч працоўных месцаў, у гэтым годзе толькі мы — адзін з адукацыйных цэнтраў — выйдзем на 600 уладкаваных спецыялістаў. А гэта 10% ад агульнага, з якіх 98% — прышлыя людзі з іншых сфер. 

НН: Але нават 600 чалавек — гэта даволі мала ў маштабах краіны. Пытанне такое: дык ці можна неяк інтэграваць у лічбавую эканоміку людзей з планавай? Ці яны страчаныя? 

Зелянкоў: Гэта магчыма, але часткова. Перадусім у галаву прыходзяць курсы перападрыхтоўкі, іншыя адукацыі. 

У кароткатэрміновай стратэгіі ПВТ ёсць задача сфарміраваць аддзел, які будзе займацца праблемамі адукацыі, а менавіта вызначаць, якія праграмы падрыхтоўкі працуюць, чаму трэба вучыць людзей, каб яны хутка ўладкоўваліся і прыносілі карысць.

Ясна, што гэта не хуткі працэс, бо дзе мільёны, а дзе 50 тысяч айцішнікаў. 

Хутка выраўняць гэтую сітуацыю не ўдасца, добра, каб атрымалася вызначыць эфектыўныя кірункі перападрыхтоўкі.

Я таксама спадзяюся, што вялікую ролю адыграюць — і ўжо адыгрываюць — карпаратыўныя ўніверсітэты. 

Калі кампаніі разумеюць, што ўжо выграблі ўсё з рынку працы, то перад імі паўстае патрэба перавучвання людзей з іншых галін. 


Так ужо робіць ЕРАМ, напрыклад. У яго ёсць свая бясплатная акадэмія, падкрэслю. У іх выйсця няма іншага, яны ўжо нават у школы гатовыя ісці, каб там шукаць таленты на ўзроўні 7 класа. 


Зрэшты, сёння сусветная эканоміка такая, што чалавек з адной спецыяльнасцю не будзе запатрабаваны.


Усё жыццё трэба вучыцца, быць адкрытым да новых ведаў, нават калі вы не толькі хочаце жыць лепш, але і проста захаваць нейкі бягучы ўзровень спажывання. 


Для такіх людзей няма перашкодаў, нават узрост. 

НН: Дык колькі Беларусь можна падрыхтаваць айцішнікаў у год? З улікам новых пакаленняў і працоўнай міграцыі. 

Зелянкоў: Мая думка такая, што ў год мы да 20 тысяч можам падрыхтаваць праграмістаў. Патрэбны пэўныя ўмовы, якія я ўжо агучваў, уключаючы матывацыю да зменаў і адукацыйныя магчымасці… але, я думаю, недзе так.

Зрэшты, мы цяпер знаходзімся на дне дэмаграфічнай ямы. Мне здаецца, тут трэба падкрэсліць, што на момант выхаду з гэтай ямы трэба палепшыць магчымасці нашай сістэмы адукацыі.

Трэба сысці ад бяздумнай канвеернай падрыхтоўкі, бо нават тыя тэхналогіі, якія трэба сёння, наўрад ці будуць запатрабаваныя і праз 5 гадоў у такім жа аб'ёме.


Ісці трэба на апярэджванне: у сусветным маштабе патрэбны спецыялісты па вялікіх дадзеных, па штучным інтэлекце і гэтак далей. Але сёння іх ніхто не рыхтуе ў нас. 


Калі сітуацыя не зменіцца, то праз гадоў 10 будзе стаяць не пытанне, як падрыхтаваць ці перавучыць нейкую колькасць праграмістаў, а як знайсці для іх работу. Таму трэба вучыцца.


Я думаю, што ад дзяржавы найперш патрэбна абачлівасць і інвестыцыі ў людзей, бо яны — асноўны актыў новай эканомікі, а не заводы ці карысныя выкапні. 


НН: Каму б вы не раілі ісці ў ІТ? 

Зелянкоў: Сапраўды, сёння якога бацьку ні вазьмі — усе хочуць, каб дзеці былі айцішнікамі. Або ўжо працуючы чалавек глядзіць розніцу сярэдніх заробкаў у яго галіне і ў ІТ (а месцамі там разрыў у 10 разоў) і таксама хоча стаць айцішнікам.


Насамрэч, не ва ўсіх атрымаецца праграмаваць. Але я тут думаю, што адназначна сказаць, каму нельга ў айці, нельга. Таму што сёння гэтая сфера прапануе вялізны спіс спецыяльнасцяў і апроч праграмерскіх. 


Чалавека цягне да мастацтва? Ён зможа рэалізавацца як дызайнер. У яго прыродная ўважлівасць? Атрымаецца стаць тэсціроўшчыкам. Не падабаецца сядзець за кампом? Можа быць менеджарам праектаў, аналітыкам. 

У наш цэнтр бацькі часта прыводзяць ужо не малых дзяцей, а, хутчэй, маладых людзей і кажуць: маўляў, я за яго заплачу, хай ён адвучыцца і стане аналітыкам. 

Але так нічога не ўдасца, трэба, каб саспела ўнутры. 


Сёння ёсць безліч бясплатных магчымасцяў і курсаў. Паспрабуй там, паспрабуй тут, падабаецца? Тады можна ісці далей. 


Бо людзі «па маміным жаданні» хутка выгараюць. Рэальна ў нас быў прыклад, калі маркетолаг прыйшоў, адвучыўся, знайшоў работу нават, але праз год звольніўся і вярнуўся ў сваю галіну. 

Рэалізавацца можна паўсюль, добрыя грошы зарабляць можна ў любой сферы. 


ІТ, зноў жа, вельмі міфалагізавана: у людзей складваецца ўражанне, што тут вялікія і лёгкія грошы. Але гэта не так. Рай не пачнецца. Вучыцца трэба вельмі інтэнсіўна, калі гаворка пра перавучванне. У нас былі людзі, якія за курс па 7 кілаграм праз стрэс страчвалі. 


Патрэбна і нейкая падушка бяспекі, бо першы час давядзецца працаваць задарма або за нізкія ганарары. 

Часам людзі пачынаюць кар'еру ў ІТ з заробкаў меншых, чым на іх старым месцы. У многіх кампаніях першы месяц ты проста стажыруешся. 

Як тады мяняць работу, калі ў цябе і сям'я, дзеці? Патрэбны прыбытак? 

Таму я і кажу, што патрэбна нейкая фінансавая падушка, а таксама мужнасць і жаданне даказаць сабе, што ты можаш. 


Паўтаруся, што перад тым, як рызыкаваць, выпрабуй сябе на бясплатных курсах у інтэрнэце. Калі атрымаецца — толькі тады наперад. 


НН: Сёння шмат нараканняў на сістэму адукацыі, якая, маўляў, не рыхтуе да будучыні. А што б вы параілі бацькам: што трэба даць дзіцяці, каб яно не аказалася на ўзбочыне жыцця? 

Зелянкоў: Даць дзіцяці магчымасць паспрабаваць усё. Яно ж не ведае, чаго хоча, бо нічога не спрабавала. Я сваіх вадзіў паўсюль: ад музыкі да курсаў робататэхнікі. Трэба прыгледзецца, за што ён зачэпіцца, а потым развівацца ў гэтым кірунку.


Ну і звычайная праблема, якая ўплывае на канкурэнтаздольнасць чалавека, — гэта веданне замежных моваў.


Бывае цяжка патлумачыць дзіцяці, навошта яму вучыць англійскую.

Я гэтую праблему вырашыў так: пару разоў узяў у паездкі за мяжу і спецыяльна змадэляваў сітуацыі, каб яны адчулі сваю бездапаможнасць. 

Дзіцё бачыць, што ніхто яго не разумее, а бацька можа і спытаць, як прайсці, і купіць паесці. І гэта спрацавала. Можа, каму будзе карысным. 


Ну і я б яшчэ раіў кітайскую мову вучыць, апроч англійскай. Бо Кітай сапраўды ўражвае сваім ростам. Мне здаецца, што гэта будучы гегемон і магніт, веданне кітайскай мовы адкрые шырокі рынак. 


Материал опубликован на nn.by, дата публикации: 03.09.2018.

Полная, частичная перепечатка или любое иное использование материалов с сайта IT-Academy разрешается только с указанием активной гиперссылки, ведущей на первоисточник (точный адрес страницы на www.it-academy.by).